Для высокого полёта!
Главная » История успеха

HURMA, што вырасла на Беларусі

Што такое ХУРМА, ведаюць усе. Але акрамя садавіны ёсць яшчэ і HURMA, якую любяць аматары сучаснай беларускай музыкі. Поп-рок гурт «HURMA» з восені 2012 года зачароўвае слухачоў сваёй энэргічнай музыкай і лірычнымі тэкстамі. Чатыры прывабныя хлопцы - Мікіта Найдзёнаў, Андрэй Хазяеў, Сяргей Карпенчук, Арцём Кутлунін - і іх талент, а таксама наватарскія ідэі - гэта тое, што прынесла гурту поспех. За год было выдадзена 5 студыйных сінглаў, зняты кліп, атрыманы перамогі на вядомых беларускіх конкурсах. Нягледзечы на вышэй пералічаныя дасягненні, удзельнікі гурта «HURMA» ніколі не аддаляліся ад сваіх прыхільнікаў, заўсёды былі шчырыя на сваіх канцэртах, дзякуючы чаму з кожным разам толькі павялічвалі аўдыторыю слухачоў.

HURMA, што вырасла на Беларусі

Так сталася, што адзін з удзельнікаў, Арцём Кутлунін, у мінулым годзе паступіў на наш ІЭФ. З гэтай нагоды я не магла не запытацца ў яго, ці не цяжка спалучаць музычную дзейнасць з навучаннем ва ўніверсітэце, а таксама пра дасягенні гурта за год і пра тое, хто такі сапраўдны музы́ка.

- Арцём, ты самы апошні з удзельнікаў уступіў у гурт. Якім чынам далучыўся да яго?

- Як і ўсё ў гэтым свеце цудоўнае і вялікае, гэта адбылося выпадкова. Знайшліся праз знаёмых, праз агульныя сувязі. Даведаліся, спісаліся. Мікіта Найдзёнаў напісаў першым, маўляў, далучайся да нас, цікава будзе паспрабаваць, мы якраз шукаем гітарыста. Я з задавальненнем прыняўся за гэту справу, бо літаральна за месяц да гэтага спыніў работу са сваім папярэднім гуртом. Там я іграў у абсалютна іншым стылі, і HURMA для мяне стала такім «refreshing», такой новай ступенню, што я і да гэтага часу сябе спрабую, стараюся.

- За мінулы год ваш гурт шмат чаго дасягнуў, а што ты лічыш галоўным дасягненнем?

- Да гурта «HURMA» я далучыўся ў верасні. Да паловы іх дасягненняў я не маю ніякага дачынення, але, калі браць тое, у чым прымаў удзел, то галоўным дасягненнем гурта за мінулы год лічу фарміраванне стылю - раз, фарміраванне гучання - два, поўная камплектацыя ўдзельнікаў і іх сыгранасць - тры, стварэнне свайго плану, вызначэнне сваіх мэт на бліжэйшую і небліжэйшую будучыню - чатыры. Перамогі, узнагароды… гэта і «Тузін Гітоў», і «Такие пряники», і «Песня года Беларусі», але гэта ўсё толькі стымул для таго, каб рухацца далей. І далей, спадзяюся, будзе яшчэ лепш.

- Адно з вашых дасягненняў - гэта першы кліп на песню «Давай на раз, два, тры», у якім ты быў адным з галоўных герояў. Як ты сам ацэньваеш сваю акцёрскую ігру? Ці лічыш ты яе выдатнай для першага кліпа?

- Я буду самакрытычным і скажу, што не лічу. Іграў я не па свайму максімуму, таму што я маю вопыт удзелу і ў спектаклях, і ў пастаноўках, і ў гістарычных анімацыях… Было вельмі цікава паспрабаваць сябе менавіта ў кліпе, дзе ў акцёра няма слоў, а толькі некалькі сцэн, у якіх ён павінен раскрыцца. Таму скажу, што я мог сыграць і лепш, але мне ўсё роўна спадабалася. Нашым слухачам - глядзець кліп і ацэньваць, як атрымалася ці не атрымалася.

- А кім, на тваё меркаванне, павінен быць добры музы́ка? Якія ён павінен мець рысы?

- Адна з галоўных рыс музы́кі - гэта здольнасць дзяліцца. Дзяліцца проста так, дзяліцца за ўсмешку. Вельмі важна, каб музы́ка меў крыніцу, з якой можна браць энэргію, дадатковую для сябе - пры дапамозе акцёрскага майстэрства, артыстызма, харызмы, му́зыкі… Так, му́зыка - галоўнае, му́зыка - на першым месцы. І мелодыя, і песня, і настрой адпаведны. Але вельмі важна ўмець аддаваць шмат публіцы.

HURMA, што вырасла на Беларусі
- Як у цябе, такога творчага чалавека, атрымліваецца спалучаць музычную дзейнасць з навучаннем у тэхнічнай ВНУ?

- Як у мяне атрымліваецца гэта рабіць, я, шчыра кажучы, сам яшчэ не разумею, таму што па вопыту навучання ў сваёй папярэдняй навучальнай установе (МЛГК - рэд.) магу сказаць, што першы курс - гэта яшчэ не паказчык, бо потым пачынаецца ўсё самае вясёлае, усё самае цяжкае. Гэта і курсавыя праекты, і пэўныя працяглыя самастойныя работы, і творчыя праекты, і паглыбленае вывучэнне спецыяльнасці. Таму сказаць, што я зараз раблю нешта немагчымае, спалучаючы музыку і навучанне ў БДУІР, нельга. Так, надаю шмат увагі музыцы, часам не на карысць вучобы. Спрабую спалучыць гэта, бо добра разумею: музыка будзе на першым месцы, але мець нейкую спецыяльнасць, мець вышэйшую адукацыю не пашкодзіць. Выбіраючы спецыяльнасць, я, напэўна, паддаўся сучасным трэндам. Не магу сказаць, што мне нецікава, што я пераступаю сябе, прыходзячы ва ўніверсітэт. Вельмі цікава, падабаецца. Але, як я ўжо казаў, гэта толькі першы курс, гэта не паказчык. Далей паглядзім, як будзе атрымлівацца. Было б цікава паразважаць на гэтую тэму для газеты «Імпульс» гады праз два, калі ўжо сфарміруецца маё меркаванне аб універсітэце. Часам цяжка, але ёсць і аднагрупнікі, і выкладчыкі, якія ідуць насустрач, і я стараюся апраўдваць іх давер.

- Як аднагрупнікі ставяцца да тваёй музычнай дзейнасці?

- Яны мяне падтрымліваюць. Шчыры дзякуй ім за гэта! Трапіў насамрэч у вельмі прыемную атмасферу. Калі ў мяне няма настрою ісці ва ўніверсітэт пасля якога-небудзь цяжкага канцэрту ці напружанай рэпетыцыі, я проста радуюся сустрэчы з сябрамі, радуюся зносінам з імі. Яшчэ раз дзякуй ім за іх разуменне таго, што спалучэнне музыкі і навучання даволі цяжкі момант! Аднагрупнікі вельмі актыўныя, шмат слухаюць музыкі. Нешта я чэрпаю ад іх, нейкія ідэі, прыёмы, бо мая група на ІЭФ дастаткова музыкальная. У той жа час, я спадзяюся, што сваёй музычнай дзейнасцю я ўплываю і на іх. Любой творчай асобе хочацца нешта пасля сябе пакінуць. Пачынаць з маленькага свету сваёй групы, сваёй навучальнай установы вельмі важна і карысна.

Штогод на Беларусі ствараюцца беларускамоўныя праекты, і гурт «HURMA» можна назваць адным з самых паспяховых. Пажадаем хлопцам новых поспехаў, крыніц натхнення, а таксама адданых аматараў іх творчасці!

Ганна Лось, студэнтка 1 курса ІЭФ

P.S. Гурт «HURMA» запрашае ўсіх на музычны марафон з удзелам вядомых беларускіх спевакоў, які адбудзецца 1 лютага па адрасу: пр. Незалежнасці, 58/6.

Больш падрабязную інфармацыю пра гурт можна атрымаць па наступных спасылках:
twitter.com/hurmagurt
www.facebook.com/hurmagurt
vk.com/hurmagurt

Премия Правительства РБ за достижения в области качества по итогам 2011 годаПортал Белорусского Государственного Университета Информатики и РадиоэлектроникиAbiturient.byФакультет непрерывного и дистанционного образования БГУИРСайт Министерства образования РБМолодежное телевидение БГУИРdev_by